Князі ВКЛ вайсковым шляхам захапілі беларускія землі? — Myth hunters #14

ВКЛ

Распаўсюджаны міф савецкай гістарыяграфіі абвяшчае: этнічна літоўскія князі Вялікага княства Літоўскага далучалі беларускія землі да свайго гаспадарства вайсковым шляхам. Такім чынам Беларусь увайшла ў ВКЛ гвалтоўна, супраць свае волі. А таму і ў «далучэнні» беларускіх земляў да Расіі напрыканцы XVIII стагоддзя не было нічога крымінальнага, яны проста ўз’ядналіся са сваёй натуральнай спадчынай.

Але ці блізкія такія сцвярджэнні да ісціны? Няўжо сапраўды літоўскія князі былі выключна захопнікамі беларускіх зямель? І беларусы таму не могуць лічыць ВКЛ сваёй дзяржавай, бо былі прыгнечаныя іназемцамі? Сёння мы шукаем адказ на гэтыя пытанні. Як заўсёды на падставе навуковых фактаў, а не маніпуляцый.

Глядзіце чарговы выпуск Myth hunters і выказвайце ў каментарах свае думкі: ці можа ВКЛ лічыцца беларускай дзяржавай?

 

Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версія 

Савецкая трактоўка ўзнікнення ВКЛ

Трактоўка Вялікага Княства Літоўскага як беларускай дзяржавы характэрна для нацыянальнай гістарыяграфіі адносна нядаўна, аднак такі погляд на сярэднявечную дзяржаву на нашых землях стаўся ўжо гістарычным фактам. У савецкай гістарычнай навуцы Вялікае Княства Літоўскае ўспрымалася іначай і лічылася, што літоўскія феадалы паняволілі беларускія землі, скарыстаўшыся палітычнай раздробленнасцю былых старажытнарускіх зямель. Таксама савецкія гісторыкі меркавалі, што Вялікае Княства Літоўскае ператварылася ў адну з наймацнейшых дзяржаў Усходняй Еўропы нібыта шляхам правядзення палітыкі захопу рускіх, украінскіх і беларускіх земляў.

Згодна канцэпцыі ВКЛ прапанаванай за савецкімі часамі да сярэдзіны XIV ст. літоўскія феадалы нібыта захапілі беларускія землі і асноўную частку тэрыторыі Украіны, а ў другой палове XV ст. літоўскія феадалы падпарадкавалі сваёй уладзе і частку рускіх зямель.  Прычым тэорыя пра захоп балтамі беларускіх земляў ўласціва не толькі савецкай гістарыяграфіі, але шырока тыражуюцца i ў сучаснай Летуве, што не адпавядае гістарычным фактам і рэальным гістарычным працэсам фарміравання Вялікага Княства Літоўскага.

Адзначым, што міф пра «сваё» ВКЛ летувісы паспелі аформіць, стварыўшы нацыянальную дзяржаву напачатку ХХ стагоддзя. Аформіць свае прэтэнзіі на ВКЛ летувісам ўдалося паколькі існавала свая дзяржава, а ў беларусаў такой магчымасці не было, пагэтаму погляд на ВКЛ як беларускую дзяржаву ці, прынамсі, балта-славянскую дзяржаву з вядучай роляй беларускага этнаса, аформіўся значна пазней.

 

Утварэнне ВКЛ: як то было сапраўды

У рэчаіснасці славяне-беларусы і балты-летувісы часцей за ўсё мірна суіснавалі, што дало магчымасць на гэтай глебе аб’яднацца ў адзіную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае. Прычынаў для аб’яднання балта-славянскага насельніцтва ў адзіную дзяржаву было нямала. Знешнепалітычныя прычыны былі звязаны з неабходнасцю арганізацыі абароны супраць рыцараў-крыжакоў і мангола-татарскіх набегаў. Унутрыпалітычныя прычыны вынікалі з неабходнасці пераадолець феадальную раздробленасць. Эканамічныя прычыны звязаны з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і развіццём гандлёвых адносін рознымі тэрыторыямі, што садзейнічала іх аб’яднанню.

Як заўважае беларускі гісторык, аўтар грунтоўнага даследавання «Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага» Аляксандр Краўцэвіч, узнікненне новай дзяржавы на тэрыторыі Верхняга Панямоння менавіта ў 13 ст. стала вынікам збегу розных чыннікаў і абставінаў:

  • па-першае, у рэгіёне пашырылася перакананне (праз усведамленне мангольскай i крыжацкай пагрозы) у неабходнасці моцнай дзяржаўнай арганізацыі;
  • па-другое, знайшліся сілы, здольныя рэалізаваць гэтую справу (багатыя панямонскія гарады і ваяўнічыя правадыры балцкіх плямёнаў);
  • па-трэцяе, гісторыя падаравала Панямонню некалькі адносна бяспечных дзесяцігоддзяў— 40-я — 80-я гады ХIII ст, жыццёва неабходных для нараджэння і ўмацавання асноў дзяржавы.

Аднак самай важкай прычынай з’яўлення ВКЛ быў знешні імпульс, а менавіта пагроза з боку суседзяў, якая падштурхнула і паскорыла працэс аб’яднання. Але гэты працэс не мог бы распачацца без некалькіх стагоддзяў досьведу мірнага сужыцця балтаў і славянаў у гэтым рэгіёне. Натуральна, што ВКЛ будавалася ў змешаным біэтнічным балта-славянскім рэгіёне — гiстарычнай Літве (што ўключала Наваградчыну, Гарадзеншчынц, заходнюю Меншчыну). I гэта адбывалася праз саюз палітычных сілаў — славянскіх панямонскіх гарадоў з некаторымі найбольш моцнымі правадырамі балцкіх плямёнаў. Першы зафіксаваны крыніцамі саюз — быў саюз Наваградка з Міндоўгам каля 1248 года. У дзяржаўным будаўніцтве за ўзоры браліся даўно існуючыя ў рэгіёне дзяржаўныя ўтварэнні — Гарадзенскае і Наваградскае  княствы, а ў якасці афіцыйнай была прынятая славянская старабеларуская мова.

Такім чынам, Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася прыблізна ў 40-я гады XIII ст., непасрэдна пасля мангола-татарскай навалы, у складаных палітычных умовах: на ўсходзе мангола-татары рабавалі ўсходнеславянскія княствы, пашыраючы сваю імперыю, а на захадзе Тэўтонскі ордэн  на падставе распаўсюджвання каталіцкага хрысціянства паступова захопліваў землі балцкіх плямёнаў. На першым этапе сваёй гісторыі дзяржава змагалася за выжыванне, і хоць тэрытарыяльна не павялічылася, але і не паменшылася.

 

Тэрытарыяльнае пашырэнне Княства: ці была агрэсія?

Працэс тэрытарыяльнага пашырэння і афармлення Вялікага Княства Літоўскага быў працяглым і збольшага мірным. Дынастычныя шлюбы, пагадненні паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб’яднання. Вядучую ролю ў ім адыгрывалі ўсходнеславянскія дзяржаўныя традыцыі з адпаведнымі законамі, мовай, рэлігіяй.

Першапачаткова Вялікае Княства Літоўскае аб’ядноўвала уласна Літву і тэрыторыю Наваградскага княства. На працягу другой паловы XIII — першай паловы XIV стст. да ВКЛ далучыліся Полацкае, Віцебскае, Менскае, Свіслацкае, Пінскае і іншыя беларускія княствы, а таксама частка Валыні з Берасцейшчынай. У адрозненні ад Наваградчыны, на якую пазней пашырылася назва «Літва», яны захавалі назву «Русь». У сярэдзіне XIV ст. ВКЛ ахоплівала больш за 300 тыс. км², каля 2/3 тэрыторыі дзяржавы займала «рускае» насельніцтва (гэта значыць з большага беларускія землі), каля 1/3 — балцкае.

Такім чынам, ядром, цэнтральнай вобласцю дзяржавы, была Літва — Наваградчына, Гарадзеншчына, Віленшчына і заходняя частка Меншчыны. Пазней, у XIII —XIV ст, да яе далучылася Русь, то бок Беларускае Падзвінне, Падняпроўе, Палессе, а таксама Жамойць. Дарэчы, менавіта такая тэрытарыяльная структура дзяржаўнага ўтварэння абумовіла найменне сярэднявечнай дзяржавы — «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае». У XIV – XV стагоддзях тэрыторыя ВКЛ ахапіла ўсю сучасную Беларусь,  амаль усю сучасную Летуву, а таксама значную частку Украіны.

У часы свайго росквіту ў XV стагоддзі Вялікае Княства Літоўскае з’яўлялася найбуйнейшай дзяржавай у Еўропе. У гэты час тэрыторыя ВКЛ дасягнула вялікіх памераў — ажно 630 тыс. км². Доля «палітычнай Літвы» (ядра дзяржавы) складала да 18 %, а этнічнай — да 14 %, а гэта значыць, што асноўнай тэрыторыяй дзяржавы былі менавіта беларускія землі.

З усіх прыведзеных фактаў можна зрабіць досыць простую выснову — Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася мірным шляхам, а беларускія землі ў складзе гэтай сярэднявечнай дзяржавы гралі ключавую ролю, бо нездарма ў гэты час квітнела старабеларуская мова і тутэйшая культура.

 

Літаратура

1.Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.2: Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага/ Ю.Бохан [і інш.]; рэд. Кал.: М.Касцюк (гал.рэд.) і [і інш.] — Мінск: Экоперспектива, 2008 – 688 с.

2.Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 208 с.

3.Пашуто В. Образование Литовского государства — М.: АН СССР, 1959. — 530 с.

4.Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г. Сагановіч. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2001. — 412 с.

Scroll to Top