Myth hunters вяртаюцца каб зруйнаваць чарговы міф беларускай гісторыі. Гэтым разам зазірнем у часы Рэчы Паспалітай і звернемся да аднаго з першых буйных сялянскіх паўстанняў на тэрыторыі Беларусі.
Увогуле паўстанне 1740-1744 гадоў пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы — адно з найбуйнейшых ўзброенных паўстанняў у беларускай гісторыі. Яно ахапіла цэлае Крычаўскае староства, што некалі знаходзілася на самым усходзе Рэчы Паспалітай. За дзесяцігоддзі вывучэння гэтай гістарычнай падзеі створана шмат розных міфаў і непраўдзівых поглядаў на сялянскае выступленне або так званае Крычаўскае паўстанне. Дагэтуль у падручніках паўстанне характарызуецца як антыфеадальнае, што не зусім адпавядае рэчаіснасці. Больш за тое, пакрысе аднаўляецца клішэ мінулай савецкай эпохі, дзе Вашчыла называецца «унукам Хмяльніцкага», а паўстанцам прыпісваецца імкненне аб’яднацца з Расіяй. Але ці мелі рацыю тыя, хто прасоўваў такія тэзы? Глядзіце ў нашым эксплэйнеры і ўзгадвайце самыя цікавыя і неадназначныя старонкі нашай гісторыі.
Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версія
Як падавалася паўстанне ў савецкі час
У савецкi перыяд Крычаўскае паўстанне пачалі падаваць як выступленне супраць «польскіх магнатаў» Радзівілаў надаючы яму антыпольскую афарбоўку. Так, гісторык Лочмель апісаў падзеі паўстання як выступленне супраць польскага панавання, увасобленага «польскім магнатам» Радзівілам, пры гэтым мясцовыя арандатары згадваліся рэдка. Пазней у працах таго ж гісторыка з’явіўся новы кампанент патрэбны для артыкулявання ідэі ўсходнеславянскага адзінства: аўтар напісаў, што лідар паўстання Васіль Вашчыла «абвясціў сябе ўнукам Багдана Хмяльніцкага», а гэта сведчыць пра вялікую папулярнасць Хмяльніцкага сярод беларускага народа.
У пасляваенны час у афіцыйным наратыве БССР усяляк прасоўваўся тэзіс пра імкненне беларускага народа да «ўз’яднання з Расіяй». Менавіта з такога пункту гледжання тлумачылі і паўстанне на Крычаўшчыне – маўляў, на сялянскае паўстанне паўплывала прага аб’яднацца з Расіяй. Такую наватарскую тэзу прасоўваў вядомы партыйны гісторык Абэцэдарскі. Яшчэ далей пайшоў гісторык Ігнаценка, які адкрыта манупуляваў фактамі, сцвярджаючы, што нібыта расійскія сяляне актыўна падтрымлівалі крычаўскіх паўстанцаў, кіраўнікі якіх кантактавалі з памежнай расійскай адміністрацыяй і нават быццам дзейнічалі са згоды цэнтральных уладаў імперыі. У абодвух згаданых гісторыкаў класавая антыфеадальная барацьба беларускіх сялян Крычаўскага староства нібыта супадала з «нацыянальна-вызваленчай» і вялася за аб’яднанне з Расіяй, што з’яўляецца фальсіфікацыяй рэальных фактаў.
І менавіта легенда пра Вашчылу як «унука Хмяльніцкага» выконвала ў афіцыйным наратыве канкрэтную ідэалагічную функцыю – упісвала паўстанне ў міф «нацыянальна-вызваленчай барацьбы» прыгнечаных Польшчай беларускага і ўкраінскага народаў, якія быццам імкнуліся да «старэйшага брата». Такія падыходы пэўны час панавалі ў падручніках і гістарыка-краязнаўчай літаратуры.
Насамрэч: Паўстанне не мела антыфеадальнага характару
Дагэтуль некаторыя гісторыкі пішуць, што прычынай Крычаўскага паўстання быў феадальны прыгнёт і эксплуатацыя ўладальнікамі староства крычаўскіх сялянаў, а таксама жорсткасць і самавольства арандатараў. Аднак сама па сабе феадальная сістэма не з’яўлялася прычынай для ўзброенага паўстання. Гэта было выступленне не супраць сістэмы, што стварала ўмовы эксплуатацыі, а супраць празмернай эксплуатацыі і асобных яе прадстаўнікоў.
Myth hunters #11: Беларусам не ўласцівая мацерная лаянка?
Myth hunters #10: Паўстанне Калiноўскага не паўплывала на хаду беларускай гісторыі?
Myth hunters #7. Мiф. Беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці да ХХ стагоддзя
Сапраўдныя ж прычыны паўстання мелі па-сутнасці эканамічную прыроду. Глеба для ўзброенага выступлення ў Крычаўскім старостве стварылася, калі яго арандавалі Гдаль і Шмуйла Іцкавічы. Сваёй жорсткасцю да жыхароў староства яны не ішлі ні ў якое параўнанне з папярэднімі арандатарамі. Толькі за чатыры гады Іцкавічы выбралі ў насельніцтва Крычаўскага староства звыш устаноўленых інвентарамі норм чыншу каля 700 тыс. злотых. Моцны прыгнёт і жорсткасць арандатараў у дачыненні да мясцовых жыхароў сталі фактычнымі прычынамі паўстання. З гэтага вынікае, што сялянская барацьба была накіравана не супраць нясення феадальных павіннасцей наогул, а супраць тых самавольных пабораў, якія патрабавалі часовыя гаспадары Крычаўскага староства.
Наогул падзеі на Крычаўшчыне сярэдзіны XVIII стагоддзя не надта ўпісваюцца ў катэгорыю антыфеадальных паўстанняў. Частка тутэйшай шляхты займала бок сялян у канфлiкце. Яны хоць самі не ўдзельнічалі ў паўстанні непасрэдна, затое адназначна інспіравалі ўзброены выступ і часткова падтрымлівалі яго. І нават жаўнеры гусарскай харугвы, якія стаялі ў Крычаве, камунікавалі з сялянамі і схілялі іх да непадпарадкавання адміністрацыі, а гэта ўжо поўнае выварочванне феадальнага парадку. Пры гэтым шмат хто з саміх паўстанцаў верыў у пана-дабрадея і нават падчас выступлення сяляне працягвалі сплочваць падаткі Радзівілу, бо яны не адмаўляліся ад павіннасцяў на ўладальніка, а выступілі толькі супраць свавольных пабораў і гвалту, якія чынілі арандатары і адміністрацыя староства.
Пагэтаму называць паўстанне простага люду антыфеадальным зусім неапраўдана, бо да дэстабілізацыі сітуацыі ў Крычаўскім старостве адносяцца розныя сацыяльныя слаі тагачасага грамадаства. Ва ўзброеным паўстанні можна хіба што знайсці некаторыя рысы антыфеадальных выступленняў, аднак сутнасна падзея сярэдзіны XVIII стагоддзя такой не з’яўляецца. У сваю чаргу прыпісваць выступленню простага люда на Крычаўшчыне антыпольскі характар або нацыянальна-вызваленчую барацьку за «уз’яднанне» з Расіяй гэта значыць адкрыта фальсіфікаваць гістарычныя факты і працы прафесійных гісторыкаў.
Літаратура, якую мы выкарыстоўвалі
- Абэцэдарскі Л. С. Барацьба ўкраінскага і беларускага народаў за ўз’яднанне з Расіяй у сярэдзіне XVII века. Мінск, 1954 — 67 с.
- Гильдебрандт П. А. Васко-Вощило, внук Богдана Хмельницкого, 1744 г. // Русская Старина. 1870, ноябрь. — С. 522–524.
- Мялешка В., Лойка П. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы: Кніга для вучняў. Мінск, 1988 — 94 с.
- Игнатенко А. П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией: (вторая половина XVII – XVIII в.). Минск, 1974 — 190 с.