Myth hunters #2. Беларускую дзяржаўнасць стварылі бальшавікі

Другi выпуск эксплэйнераў Myth hunters мы прысвячаем выключна беларускаму пытанню i распаўсюджанаму мiфу з гiсторыi Беларусi. Каму гэта краiна абавязана сваёй дзяржаўнасцю? Цi то былi бальшавiкi, што вызвалiлi з гэтак званай iмперыалiстычнай «турмы народаў» беларусаў i мноства iншых нацый? Цi то мы прынiжаем уласную нацыянальную iнтэлiгенцыю, якая першай пачала здзяйсняць мару аб незалежнай Беларусi? Прычым рабiла гэта не з палiтычнай карысцi, а выключна кiруючыся любоўю да Радзiмы. Шукайце правераны адказ на пытанне нiжэй.

 

Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версiя!

Савецкая гістарыяграфія стварыла міф пра тое, што абяздолены беларускі народ толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі займеў паўнавартасную дзяржаўнасць. Гэта тэза існавала нават пасля развала Савецкага Саюза, паказваючы слабасць і бездапаможнасць нацыянальнага беларускага руху з аднаго боку і “святасць” бальшавікоў, якія рэалізавалі светлую мару беларускага народа аб уласнай дзяржаве.

Аднак не бальшавікі стварылі беларускую дзяржаўнасць, а нацыянальная інтэлігенцыя займалася стварэннем ўласнай незалежнай краіны. Нягледзячы на тое, што беларускі нацыянальны праект нараджаўся запознена і няпроста, адстаючы ад суседніх украінскага ды літоўскага, але асновы нацыянальнай інфраструктуры былі створаны без удзелу бальшавікоў.

 

Першы Усебеларускі з’язд і абвяшчэнне БНР

Яшчэ на пачатку восені 1917 года пачаў рыхтавацца Першы Усебеларускі з’езд — прадстаўнічы сход беларускага народа, які адбыўся ў снежня 1917 года ў Мінску і сабраў шмат палітычных дзеячоў ад усіх населеных беларусамі губерняў. На Першым Усебеларускім з’ездзе прысутнічала 1872 дэлегаты, а гэта значыць палітычнае мерапрыемства было прадстаўнічым. З’езд абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду. Пры гэтым непасрэдных патрабаванняў незалежнасцi Беларусі на з’ездзе не было агучана. Цiкава, што Усебеларускі з’езд быў  разагнаны бальшавікамі Заходняга фронту, якія не жадалі дзяліцца ўладай з прадстаўнікамі беларускага народу.

Змянілася сітуацыя з падпісаннем Брэсцкай мірнай дамовы 3 сакавіка 1918 года, згодна якой бальшавіцкі ўрад аддаваў беларускія землі Германіі. У гэты час на пэўнай беларускай тэрыторыі не было ніякай ўлады: бальшавікі сышлі, а германскія войскі яшчэ не ўступілі. Менавіта тады група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху зрабіла спробу ўзяць ўладу ў Беларусі. На працягу месяца Радай Усебеларускага з’езда прымаюцца тры Устаўныя граматы, якія аб’яўлялі сябе уладай у Беларусі, а Беларусь – народнай рэспублікай. Згодна трэцяй Устаўной грамаце (прынята 25 сакавіка) абвяшчалася незалежнасць Беларусі — тэрыторыі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ.

Бальшавікі ў Маскве вымушаны былі лічыцца з трэцяй Устаўной Граматай да народаў Беларусі. У лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам. Дый Варшава таксама мела дыпламатычныя стасункі з прадстаўнікамі БНР. Украінская Народная Рэспубліка прызнавала Беларусь дэ-факта, але адмовілася прызнаць яе дэ-юрэ, спасылаючыся на ўмовы Брэст-Літоўскай мірнай дамовы. Прызнаў БНР і ўрад незалежнай Лiтвы, хоць паміж дзяржавамі былі тэрытарыяльныя спрэчкі. Такім чынам, мы маем шэраг фактычных прызнанняў БНР з боку непасрэдных суседзяў і ў тым ліку Савецкай Расіі.

У БНР былі ўсе асноўныя атрыбуты дзяржаўнасці: герб, сцяг, гімн і пячатка. Выйшлі ў свет нават пашпарты БНР і паштовыя маркі. Больш за тое, пачалі фарміравацца вайсковыя адзінкі маладой беларускай дзяржавы.

 

Стаўленне бальшавікоў да дзяржаўнасці Беларусі 

Нягледзячы на тое, што яшчэ летам 1916 г. Уладзiмiр Ленін катэгарычна не згаджаўся з тымі, хто адмаўляў няспеласць украінскага і беларускага нацыянальных рухаў, пытанне пра беларускую дзяржаўнасць не толькі не турбавала бальшавікоў, але і прыўносіла непатрэбныя складанасці на шляху распаўсюджання рэвалюцыі. Пакуль беларускі нацыянальны рух набываў сілу, бальшавікі ніяк не выказваліся супраць, бо гэтыя рухі аб’ектыўна падточвалі царызм. Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі непатрэбныя, і яны імкнуліся іх мінімізаваць ці фармалізаваць.

Бальшавікі лічылі, што іх задача не стварэнне новых нацый, а знішчэнне старых нацыянальных перажыткаў. Прычым некаторыя бальшавіцкія лідары наогул лічылі што беларусы не з’яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжыты. Такiя меркаваннi, напрыклад, выказваў бальшавіцкі ідэолаг Заходняй вобласці Вільгельм Кнорын.

Аднак пад уплывам знешнепалітычнага кантэкста 25 снежня 1918 г. па ініцыятыве Іосіфа Сталіна адбылася нарада з удзелам кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камісарыята па абмеркаванні пытання аб дзяржаўным уладкаванні Беларусі, на якой прыйшлі да высновы, што

“з прычыны сучасных міжнародных адносін, якія склаліся, у мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнае рэвалюцыі ў сусветным маштабе ў цяперашні момант поўнасцю наспела неабходнасць абвяшчэння Беларусі як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыі, незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай”.

Хоць незадоўга да гэтага бальшавіцкае кіраўніцтва прапаноўвала захаваць Заходнюю вобласць у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў у складзе РСФСР. У абставінах, калі рэальнай заставалася пагроза Савецкай Расіі, урад бальшавікоў выпрацоўваў “палітыку абароны рэвалюцыі”, што прадугледжвала ўтварэнне ўздоўж заходняй мяжы ланцуга савецкіх рэспублік, у ліку якіх былі найперш створаны Украінская, Эстонская, Латвійская і Літоўская. Польшча павінна была замкнуць гэты ланцуг, стаўшы апошнім яго звяном. Аднак надзеі на неадкладную рэвалюцыю ў Польшчы аказаліся нерэальнымі. Таму яе ролю ўсклалі на Беларусь.

І вось 1 студзеня 1919 года адбылося абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Аднак не варта рамантызаваць з гэтай нагоды, бо стварэнне Беларускай савецкай рэспублікі апраўдвалася ў першую чаргу неабходнасцю мець буферную дзяржаву між савецкай Расіяй і “варожай” Польшчай. Матывы этнаграфічнага, эканамічнага і культурнага характару выконвалі пры стварэнні савецкай рэспублікі толькі пабочную ролю.

Яшчэ пазней, 31 ліпеня 1920 года на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацый Мінска і Мінскай губерні прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Прычым другое абвяшчэнне Савецкай Беларусі адбылося ўжо ў іншых межах чымся гэта было паўтары гады таму. Шасціпавятовая Беларусь, хоць і аб’яўлялася незалежнай, аднак фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР, аб чым сведчыць пастанова ІІІ з’езда Кампартыі Беларусі у лістападзе 1920 года, у якой было напісана:

“Белоруссия, являясь Социалистической Советской Республикой, одновременно является составной частью РСФСР, и все органы в области общих мероприятий должны быть подчинены соответствующим комиссариатам РСФСР, однако они должны иметь определенную свободу в области разрешения вопросов местной жизни”.

Такім чынам, стварэнне дзяржаўнасці адбылося дзякуючы нацыянальным беларускім сілам, якія прыклалі шмат намаганняў для абвяшчэння Беларускай Народнай рэспублікі. У сваю чаргу бальшавікі не імнуліся спрыяць дзяржаўнаму беларускаму ўтварэнню. Абвешчаная напачатку 1919 года Савецкая Беларусь бальшавікам была патрэбна толькі таму, што яны кіраваліся меркантыльнымі інтарэсамі – не выпусціць гэты народ са сваёй палітычнай арбіты.

Больш за тое, першапачаткова ў бальшавікоў не было спецыяльных планаў для беларусаў, шмат хто ў кіраўніцтве партыі нават быў упэўнены, што такой нацыі не існуе. Пагэтаму ні ў якім разе нельга прыпісваць Маскве (і адпаведна Савецкай Расіі) галоўную ролю аўтара беларускае дзяржаўнасці і тым больш усур’ёз дзякаваць ёй за гэта.

 

Шукай-каментуй-падпiсвайся!

 

Scroll to Top