Беларусаў называюць бульбашамі. У Беларусі бульбу па праву лічаць другім хлебам. Карняплод стаў своеасаблівым сімвалам беларускай нацыянальнай культуры. Аднак узнікаюць пытанні: чаму менавіта беларусаў сталі называць бульбашамі, калі гэта мянушка магла з’явіцца i цi сапраўды яе аўтарамi сталi самi яе носьбiты, беларусы?
Гэтыя пытаннi мы вырашылi разгледзець у нашым чарговым выпуску гiстарычных эксплэйнераў Myth hunters.
Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версiя!
Беларусаў называюць бульбашамі. У Беларусі бульбу па праву лічаць другім хлебам. Карняплод стаў своеасаблівым сімвалам нашай нацыянальнай культуры. Гэта тлумачыцца тым, што ён знайшоў шырокае распаўсюджанне ў сістэме харчавання беларусаў і, натуральна, у сельскай гаспадарцы. Аднак узнікаюць пытанні: чаму менавіта беларусаў сталі называць бульбашамі і калі гэта мянушка магла з’явіцца? Сапраўды сёння Беларусь уваходзіць у дзесятку лідараў па вытворчасці бульбы, а па вырошчванню бульбы на душу насельніцтва займае першае месца. Але, як вядома, і ў іншых народаў (напрыклад, у немцаў, палякаў) крухмальныя клубні таксама распаўсюджаны, ды і ў кулінарных традыцыях займаюць значнае месца…
Паходжанне назвы «бульбаш»
Паходжанне мянушкі «бульбаш» мае пад сабой розныя версii. Некаторыя сцвярджаюць, што такое найменне беларускага насельніцтва магло з’явіцца яшчэ за часамі Расійскай імперыі. Аднак вытлумачваць паходжанне мянушкі беларусаў ад наяўнасці ў рацыёне страў з бульбы за імперскімі часамі беспадстаўна. Этнаграфічныя матэрыялы сведчаць, што стравы з бульбы пачалі шырока распаўсюджвацца на беларускіх землях толькі з другой паловы XIX стагоддзя, калі складваліся і фарміраваліся кулінарныя спосабы і прыёмы прыгатавання карняплода.
Больш абгрунтавана выглядае пазіцыя, згодна якой, бульбашамі беларусаў пачалі зваць у савецкай арміі. Бульбу ў «вучэбках» савецкай арміі чысцілі выхадцы з усяго СССР, але нашы хлопцы карняплод называлі па-свойму «бульба». За канкрэтнае слова «бульба», беларусы і заслужылі кляймо «бульбаш». З цягам часу гэта салдафонская мянушка ўкаранілася, распаўсюдзілася і стала сінонімам наймення народа.
Наогул слова бульбаш у значэнні «беларус» прыйшло ад расіян, як рускае слова, прычым верагодна з крымінальнага жаргона. Суфікс –аш характэрны для расійскіх жарганізмаў — елдаш, легаш (“легавый, міліцыянт”), целкаш (“целковый, рубль”), таксама торгаш, алкаш. Суфікс -аш у прыведзеных прыкладах паказвае на прастамоўнасць, зніжанасць. Адметна тое, што хоць назва прыйшла з рускай мовы, аднак пры канструкцыі мянушкі не выкарыстана рускае слова «картошка», бо, напрыклад, мянушка французаў «лягушатник» створана не з французскага слова.
Сэнсавая нагрузка мянушкі
Найменне “бульбаш” ніколі не фіксавалася як саманазва беларусаў і не паходзіць з беларускай мовы. Аднак мянушка беларусаў не з’яўляецца нечым ўнікальным. Падобную з’яву прафесійныя даследчыкі называюць этнафалізмам, што абазначае найменне, якое НЕ ўжываецца мясцовым насельніцтвам або народам, з адмоўнай канатацыяй. Мянушка “бульбаш” або “бульбашы” выкарыстоўваецца са з’едліва-кплівым і пагардліва-іранічным адценнем, часам з грэблівым і прыніжальным, але пры гэтым можа мець і жартаўліва-лагодны характар. Адсюль і рознае стаўленне людзей у залежнасці ад сітуацыі і кантэксту, бо “бульбаш” можа гучаць як бяскрыўдная мянушка, так і прамая абраза.
Стылістычна-эмацыйны спэктар нацыянальных мянушак розны, аднак ніхто не любіць мянушак за ежу. Практычна ўсе мянушкі паводле (сапраўдных ці выдуманых) гастранамічных схільнасцяў успрымаюцца адмоўна. Напрыклад, ірландцы не выносяць, калі іх абзываюць Potato—eaters (‘бульбаеды’). Таму ў прыстойным таварыстве не прынята называць французаў жабаедамі, немцаў капустажэрамі, італьянцаў макароннікамі, а мексіканцаў бабáмі. Зводзіць сутнасць народа да яго ежы – ганьбіць народ, а гастранамічная мянушка – пэўны стэрэатып. Насамрэч беларусы ядуць бульбы не нашмат больш, чым іншыя народы былога Вялікага княства Літоўскага. Шмат спажываюць бульбы і ў Расіі, а таксама народы Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Нацыянальнай ежай бульба таксама лiчыцца у Лiтве, Бельгii, Iрландыi.
Стаўленне да мянушкі „бульбаш“ беларусаў
Нярэдка сустракаецца такая пазіцыя, маўляў, калі „бульбашом“ называе чужы, то абражаюся, а калі свой жа, беларус, — то не. Гэта вядомая і апісаная псіхолагамі сытуацыя: паміж сабой маем права кпіць з сваёй супольнасці, а чужакі — не. Часам мянушка можа ўтрымліваць намёк на нізкае сацыяльнае паходжанне і маёмасны статус чалавека. Таму можа востра ўспрымацца некаторымі беларусамі з вёсак і мястэчак, а таксама інтэлігенцыяй. У сувязі з тым, што мянушка адмоўна ўспрымаецца некаторай часткай беларускага грамадства, у апошні час прадпрымаліся спробы дабіцца забароны на выкарыстанне вытворцамі мянушкі «Бульбаш» у якасці гандлёвай маркі прадукцыі (напрыклад, гарэлкі i мясных вырабаў).
У той жа час яна больш памяркоўна ўспрымаецца і ўжываецца ў адносінах да сябе урбанізаванымі беларусамі, некаторымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары, а таксама тымі, хто актыўна водзіцца з прадстаўнікамі многіх нацыяльнасцей. У гэтым выпадку мянушка мае лёгкае самаіранічнае адценне. Але ў кожным разе бачым прынамсі супярэчлівае ўспрыманне слова.
Пры гэтым мянушка “бульбаш” нават пры выкарыстанні яе з грэблівым і прыніжальным адценнем, насуперак самой сваёй істоце, магла стымуляваць абуджэнне прыспанай нацыянальнай свядомасці маладога беларуса. Напрыклад, з дамамогай не самай прыемнай мянушкі беларусы у савецкiм войску раптам ўсведамлялі сваю адметнасць. Магчыма, гэта адно з тлумачэнняў выпадкаў талерантнага стаўлення да пагардлівай мянушкі.
Такім чынам, саманазваю беларусаў мянушка «бульбаш» не з’яўляецца. Паўстала мянушка у якасці вызначэння беларусаў толькі ў ХХ стагоддзі з-за адметнай назвы карняплода. І хоць меркаванне, што беларусы ядуць больш за ўсіх бульбы з’яўляецца стэрэатыпным, аднак бульбяныя стравы з таркаванай масы (дранікі, бабка) сталіся адметнай асаблівасцю нацыянальнай кулінарыі беларусаў, якія ведаюць жыхары блізкіх і далекіх краін.