Партызанскі рух у Беларусі быў масавым і меў усенародную падтрымку?

Партызанскі рух у Беларусі

Беларусь мае адметную роль у ІІ сусветнай вайне. Яна вядома як краіна-партызанка, амаль усё насельніцтва якой аказала супраціў знешнему ворагу. Але паза межамі гэтага распаўсюджанага клішэ, насамрэч, малавядома, як арганізоўвайся партызанскі рух Беларусі, колькі чалавек партызаніла і ці адразу ён меў посьпех.

Рэчаіснасць партызаншчыны не заўсёды адпавядала старонкам падручнікаў. Былі ў арганізацыі супраціву фашыстам і геройскія моманты, былі і нязручныя. Але ўсе яны — нашая гісторыя, якую мы расказваем і любім такой, якая яна ёсць. Сустракайце чарговы Myth hunters!

 

Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версія

Гісторыя партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, якая 1941-1944 гг. была акупавана войскамі Германіі і яе хаўруснікаў, дагэтуль застаецца міфалагізаванай. Савецкая ідэалогія нязменна прыпісвала краіне статус «рэспублікі-партызанкі», ПЕРАВАЖНАЯ частка насельніцтва якой у адзіным парыве змагалася супраць нямецкіх акупантаў.

Краевугольнымі камянямі той ідэалогіі служылі тэзісы пра маральна-палітычнае адзінства савецкага народа, бязмежную любоў простых людзей да камуністычнай партыі, падтрымцы савецкай улады ўсімі слаямі грамадства, нянавісці грамадзян СССР да ворагаў кампартыі і савецкай улады. З гэтых сцвярджэнняў натуральна вынікала, што грамадзяне любой савецкай рэспублікі ў сваёй падаўляючай бальшыні абавязкова будуць змагацца з акупантамі ўсімі даступнымі ім сродкамі і метадамі.

Аднак рэчаіснасць была не такой адназначнай. Што з беларускай партызанскай спадчыны праўда, а дзе неахайныя гісторыкі пакрывілі душой? Мы ўважліва разбіраем адну з папулярных гістарычных тэзаў Беларусі ў эксплэйнеры.

 

Партызанскі рух быў створаны ў першыя дні вайны і адразу меў поспех?

З пачаткам савецка-нямецкай вайны распачаўся першы этап стварэння партызанскіх атрадаў. У іх уваходзілі пераважна апаратчыкі, людзі з партыі і НКВД. Супраць акупацыйных войскаў рабіліся адзінкавыя напады, але сапраўднай пагрозы для немцаў партызанскія групы ў той час практычна не ўяўлялі. Іх было няшмат, і акупацыйныя войскі іх хутка знішчылі. У першы год партызанскі рух пацярпеў фіяска, бо гэта рабілася непрафесійна, а мясцовае насельніцтва ставілася абыякава, а часам нават дапамагала немцам змагацца з гэтымі групамі.

У 1942 годзе адбылася чарговая спроба стварэння партызанскага руху на беларускіх землях. І рабілася гэта ўжо не на месцах, а цэнтралізавана. У Маскве быў створаны спачатку Цэнтральны штаб партызанскага руху, а пасля Беларускі штаб партызанскага руху. Для арганізацыі барацьбы ў тыле ворага былі накіраваны 215 камуністаў. У тэрміновым парадку ствараліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, невялікія партызанскія атрады.

Масавасць, сур’ёзны наплыў у партызанскія атрады пачаўся ва Ўсходняй Беларусі з вясны 1942 году, а ў Заходняй Беларусі — з вясны 1943 году. Гэта было выклікана ў першую чаргу акупацыйнай палітыкай Трэццяга рэйха на беларускіх землях і кепскім стаўленнем да мірнага насельніцтва. Людзі пабачылі сапраўдны твар новых гаспадароў і пачалі ўключацца ў супраціў.

Партызаны Беларусі
Беларусь мела самы высокі ацотак партызан сярод насельніцтва ў часы 2-й сусветнай вайны

Колькі партызанаў было ў Беларусі? Большасць насельніцтва партызаніла?

У розныя перыяды лічба партызанаў мянялася. Савецкія і некаторыя беларускія гісторыкі сцвярджаюць, што партызанаў на Беларусі налічвалася больш за 350 тысячаў чалавек, якія былі аб’яднаны ў больш за 1200 вайсковых злучэнняў. Яскравым прадстаўніком такога погляду ў сучаснай беларускай гістарычнай навуцы з’яўляецца Аляксандр Каваленя.

Аднак прыведзеная колькасць партызанаў у яго працах значна завышана. Насамрэч у Беларусі падчас вайны было прыблізна 120-150 тысяч партызанаў.

Тым не менш палова партызанаў усяго Савецкага Саюза была менавіта ў Беларусі. Таму гаворка пра Беларусь, як пра партызанскі край, цалкам абгрунтаваная. Так званая партызанка на тэрыторыі Беларусі сапраўды была адной з самых масавых у акупаванай нацыстамі Еўропе, адносна колькасці насельніцтва.

 

Ці заўсёды ў партызаны ішлі дабраахвотна?

Савецкая ідэалогія пераконвае, што партызанскі рух быў добраахвотны, і мясцовае насельніцтва яго ЦАЛКАМ падтрымлівала. Але гэта не адпавядае ўсім фактам. Часам абраць партызанскі шлях мясцовых жыхароў вымушалі дзеянні немцаў. А часам застаўшыяся ў вёсках мужчыны літаральна мабілізаваліся партызанскімі групамі і прымусова звадзіліся ў лясы.

На гэта паказваюць этнаграфічныя даследванні вядомага гісторыка Алеся Смалянчука. З іх вынікае, што вобраз партызанскага руху ў неафіцыйнай памяці, якая трансліравалася ў сямейных колах у асяроддзі беларускай вёскі, выглядае супярэчлівым. І часам партызанаў нават баяліся.

Беларускія партызаны
Беларускія партызаны Добрушскай брыгады

Высновы

Класічнае савецкае ўяўленне, аб тым, што ў перыяд акупацыі ЎСЯ рэспубліка як адзін чалавек ўстала на барацьбу з акупантамі ці дапамагала ў гэтай барацьбе, не зусім адпавядае рэчаіснасці. Часам людзі вымушаны былі выбіраць паміж немцамі альбо бальшавікамі, хоць не мелі сімпатыі наогул ні да каго.

Партызанскі рух таксама цяжка назваць народным, бо інспіраваў і зарганізаваў яго Цэнтральны штаб, які знаходзіўся ў Маскве. Гэты рух часткова выбудоўваўся савецкім бокам, а часткова стаў стыхійнай рэакцыяй на нямецкія рэпрэсіі, на сотні спаленых вёсак.

Разам з тым трэба прызнаць, што сярод усіх акупаваных нацыстамі савецкіх рэспублік найбольш партызанаў было менавіта ў БССР. Але казаць аб усенародным супраціве акупантам на тэрыторыі Беларусі будзе перабольшваннем. Бо толькі два адсотка жыхароў рэспублікі пайшлі ў партызаны, у асноўным, на працягу другой паловы 1942 году і 1943-1944 гадоў.

І ўсё ж гэтага стала дастаткова для моцнага ўкладу ў перамогу над знешнім ворагам.

 

Спiс крынiц, што мы выкарыстоўвалi

  1. Каваленя, А.А.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка(гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. — 800 с.
  2. Лемяшонак, У. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т.5. — Мінск: 1999.— С. 413.
  3. Літвін, А. Цэнтральны штаб партызанскага руху і Беларусь. Да 65-й гадавіны з дня стварэння / А. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. — 2007. — № 5. —  С. 3–12.
  4. Musiał Bogdan. Sowieccy partyzanci 1941-1944: mity i rzeczywistość / Bogdan Musiał; tł. Ewa Stefańska. —Poznań, 2014. — 653 s.
Scroll to Top