Myth hunters #10: Паўстанне Калiноўскага не паўплывала на хаду беларускай гісторыі?

Праз уплыў савецкай ды расiйскай iдэалогii беларусаў прывучаюць да меркавання, што паўстанне 1863-1864 гадоў было выступам польскiх сiл. Бадай прайшло яно па большай частцы на тэрыторыi Польшчы, адказвала мэтам польскага нацыянальнага руху i на хаду беларускай гiсторыi не ўплывала.

У нашым чарговым эксплэйнеры Myth hunters мы не толькi ўспомнiм асноўныя старонкi гэтай выбiтнай падзеi. Але i разбурым мiф, што паўстанне не мела дачынення i не ўплывала на Беларусь.

А яшчэ ўспомнiм асобу Кастуся Калiноўскага. Якога можна без сумневу назваць відным прадстаўніком беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Ён першы ў гісторыі паставіў пытанне аб стварэнні беларускай нацыянальнай дзяржавы і адраджэнні беларускай мовы.

Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версiя.

Паўстанне 1863 – 1864 гг. у Беларусі, яго вынікі і наступствы

Падзеі 1863—1864 гг. часта называюць паўстаннем ў Польшчы, Літве і Беларусі і акрэсліваюць як узброенае выступленне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай супраць расійскага панавання. Сапраўды паўстанне па-рознаму адбывалася на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, мела розны характар і вынікі.

У паўстанцкім руху выявіліся дзве палітычныя групоўкі: «белыя» і «чырвоныя». «Белыя» выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. і тое, не ўласнымі сіламі а з дапамогай краін Захаду. «Чырвоныя» выказваліся за самастойнае паўстанне, якое павінна было перамагчы само, без замежнай дапамогі. Таксама не было адзінства і сярод «чырвоных», якія падзяляліся на правых і левых. Правыя (умераныя) чырвоныя выказваліся за аднаўленне Рэчы Паспалiтай, за бясплатнае надзяленне сялян невялікімі зямельнымі надзеламі, за пабудову рэспубліканскага ладу, нацыянальнае ж пытанне ў межах Рэчы Пасталітай замоўчвалі. Левыя чырвоныя (радыкалы) выказваліся за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу ўсёй зямлі сялянам, за пабудову справядлівага грамадства, за самавызначэнне народаў якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Да левых чырвоных адносіўся і лідэр паўстання ў Беларусі Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі або проста Кастусь Каліноўскі. Менавіта дзейнасць гэтага палітычнага дзеяча найбольш паўплывала на гістарычныя працэсы на беларускіх землях і нездарма падзеі 1863—1864 гг. часта ў беларускай гістарыяграфіі называюць паўстаннем Кастуся Каліноўскага.

 

Некалькі важных момантаў для разумення разгортвання ўзброеннага паўстання

Для падрыхтоўкі і кіравання паўстаннем у Варшаве ў 1862 годзе быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт, а ў Вільні Літоўскі правінцыяльны камітэт, фармальна падначалены цэнтру прыняцця рашэнняў. Старшынёй апошняга з кастрычніка 1862 года стаў Кастусь Каліноўскі. Паўстанне пачалося ў Польшчы 23 студзеня 1863 г. і Літоўскі правінцыяльны камітэт падтрымаў яго, 1 лютага ён абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і абнародаваў праграму, якая, прадугледжвала перадачу сялянам бясплатна зямельных надзелаў, якімі яны да гэтага карысталіся. Але ў сакавіку ў Варшаве ў цэнтральным камітэце ўладу да рук прыбралі «белыя», Літоўскі правінцыяльны камітэт на чале з Каліноўскім ліквідавалі і замянілі Аддзелам па кіраўніцтву правінцыямі Літвы пад кіраўніцтвам памешчыка Якуба Гейштара. Каліноўскага ж накіравалі камісарам паўстання ў Гродзенскую губерню. У рэшце рэшт Цэнтральны нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам белых загубіў справу паўстання, таму што разлічваў не на свае сілы, як урад чырвоных, а ў першую чаргу на дапамогу Захаду.

З пачатка паўстання ў Беларусі, галоўным чынам у заходніх губернях, пачалі стварацца атрады з ліку дробнай шляхты, рамеснікаў, а таксама навучэнскай і студэнцкай моладзі, афіцэраў, якія пакінулі армію. Агульнага плана дзеянняў не было. Большасць сялян з-за абмежаванасці праграмы Цэнтральнага нацыянальнага камітэта і антыпольскай прапаганды расійскіх улад устрымалася ад паўстання. Ваенныя сілы паўстанцаў ў Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68—77 тыс. чал. Паўстанцкія атрады здолелі правесці на Беларусі і Літве 237 баёў з царскімі карнікамі, аднак большая частка ўзброенных сутычак адбывалася ў заходняй або цэнтральнай Беларусі. Аднак адзначым, што падчас паўстання на Усходзе на кароткі час інсургентамі быў захоплены нават горад Горкі. У красавіку 1863 г. атрад Людвіка Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута захапіў павятовы горад, але быў разбіты царскім войскам.

Вынікі паўстання 1863–1864 гг. былі неадназначнымі, бо яно было жорстка задушана царскімі ўладамі. Па афіцыйных дадзеных, у Беларусі і Літве 128 паўстанцаў былі прыгавораны да смяротнага пакарання. Каля 13 тыс. чалавек былі высланыя з краю ў Сібір ці адпраўлены на катаргу. Больш за тое, быў зачынены Горы-Горацкі сельскагаспадарчы інстытут; амаль усе рэформы царскага ўрада прайшлі на беларускіх землях са значным спазненнем. Разам з тым менавіта паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у другой палове ХІХ стагоддзя.

Паўстанне і антыруская прапаганда (у тым ліку і ў еўрапейскім друку) спрычыніліся да ўзнікнення контрпрапагандысцкай ідэалагагічнай школы «заходнерусізму» на чале з Каяловічам, прадстаўнікі якой у далейшым паўплываюць на фарміраванне канцэпту і вобразу беларускай нацыі.

 

Асоба і дзейнасць Кастуся Каліноўскага

Асобна варта вылучыць дзейнасць Кастуся Каліноўскага, бо менавіта ён разам з паплечнікамі паўплываў не толькі на палітычную будучыню беларускіх зямель, але і на фарміраванне беларускай нацыі. Канстанціна Каліноўскага можна без сумневу назваць відным прадстаўніком беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Ён першы ў гісторыі паставіў пытанне аб стварэнні беларускай нацыянальнай дзяржавы і адраджэнні беларускай мовы, акрамя таго ён быў за поўную ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і за пабудову справядлівага грамадства дзе няма паноў і «ўсе роўныя». За сацыяльным радыкалізмам Кастуся Каліноўскага хаваецца выразная нацыянальная ідэалогія. Каліноўскі з паплечнікамі абапіраліся на сялян і дробную шляхту, бо менавіта яны былі носьбітамі беларушчыны, а буйную шляхту лічылі польскай. Відавочна, што Каліноўскі быў перакананым прыхільнікам незалежнасці Літвы і Беларусі ад Польшчы і Расіі і сваю палітычную праграму выклаў у сямі нумарах газеты «Мужыцкай праўды» – першай газеты на сучаснай беларускай мове.

Адзначым, што канчатковую назву «Беларусь» за сучаснай тэрыторыяй краіны замацавалі менавіта паўстанцы 1863–1864 гг. Гарачым прыхільнікам гэтага быў сам Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі. Нездарма паролем для вызначэння прыхільнікаў гэтых ідэй быў: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь» — «То, узаемна».

У чэрвені 1863 г., пасля арышту многіх членаў Аддзела па кіраўніцтву правінцыямі Літвы, на чале паўстання зноў стаў К. Каліноўскі, які ўтварыў падпольны ўрад – Беларуска-Літоўскі Чырвоны Жонд. Менавіта гэты орган пасля роспуску лютаўскага ўраду аднавіў палітычную суб’ектнасць Беларусі. Аднак, паўстанне атрымала поўную паразу, бо восенню 1863 г. узброеная барацьба на Беларусі спынілася, а 10 сакавіка 1864 года Каліноўскага пакаралі смерцю ў Вільні. Тым не менш падзеі паўстання і асабліва дзейнасць Каліноўскага з паплечнікамі прывялі да вылучэння з агульнапольскага руху беларускага і літоўскага нацыяналізмаў. У перадсмяротных «Лістах з-пад шыбеніцы» ўтрымліваюцца яшчэ не сістэмна сфармуляваныя, але ўжо дакладна акрэсленыя 10 пастулатаў беларускай нацыянальнай ідэі. Такім чынам, Каліноўскі фактычна стаў першым беларускім палітыкам. Яго дзейнасць і ідэалогія паклалі пачатак палітычнаму нараджэнню мадэрнай Беларусі. Больш за тое, у шэрагу айцоў-заснавальнікаў беларускай нацыі адно з першых ганаровых месцаў належыць менавіта Канстанціну Каліноўскаму.

 

Спiс выкарыстанай пры падрыхтоўцы эксплэйнера лiтаратуры:

1. Абламейка, С. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. – Прага, 2020. – 132 с.

2. Арлоў, У., Сагановіч Г. Дзевяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918). Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. 2-е выданне – Вільня: Наша будучыня, 2000 – 223 с.

3. Біч, М. Нацыянальнае і аграрнае пытанне ў час паўстання 1863—1864 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 1993. — № 3. —  С. 36–45.

4. Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас.

5. Смалянчук, А.Ф. Беларуская гісторыя: знайсці чалавека. – Мінск: Выдавец І.П. Логвінаў, 2013. – 158 с.

Scroll to Top